Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/234

Гэта старонка была вычытаная

Гро-Алэн, па прыкладу старэйшага брата, выскраб міску лыжкай, і пасля таго яны абодва пачалі бегаць па пакоі.

II

Раптам энадворку, знізу, з боку лесу, данёсся гук ражка — строгі і ўладарны. У адказ на гэта зверху, з вышкі вежы, адгукнулася труба. На гэты раз ражок пытаўся, а труба адказвала.

Другі раз зайграў ражок, і другі раз адгукнулася труба.

Затым знізу, ад ускрайку лесу, данёсся далёкі, але выразна чутны голас:

— Разбойнікі! Здавайцеся! Калі да захаду сонца вы не здадзіцеся без усякіх умоў, мы распачнем штурм.

Другі голас, больш падобны на рэў дзікага звера, як на голас чалавека, адказаў з вышкі вежы:

— Штурмуйце!

На гэта першы голас пракрычаў знізу:

— За поўгадзіны да пачатку штурму мы стрэльнем з гарматы; гэта будзе апошнім папярэджаннем.

І зверху паўтарылі:

— Штурмуйце!

Чалавечыя галасы не даходзілі да дзяцей, але ражок і трубы былі ім чутны. Пры першым гуку ражка Жоржэта спыніла яду і выцягнула шыйку.

Калі затрубіла труба, яна палажыла лыжку. Пры другім гуку ражка яна падняла свой пальчык і пачала размахваць ім у такт гукам, а калі ражок і труба сціхлі, яна задумалася з паднятым пальчыкам і ціха прамармытала:

— Мізіка.

Відаць, яна хацела сказаць: музыка.