Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/235

Гэта старонка была вычытаная

Двое старэйшых не звярнулі ўвагі на перагаворы трубы і ражка: яны былі захоплены іншай справай — назіраннем за макрыцай, якая паўзла па падлозе. Гро-Алэн першы ўбачыў яе і закрычаў:

— Звярок!

Рэне-Жан падбег да яго. Гро-Алэн спытаўся:

— Ён кусаецца?

— Не забівай яго, — сказаў Рэне-Жан.

І абодва пачалі разглядаць выпадковую госцю.

Між тым Жоржэта скончыла свой суп і азіралася навакол, шукаючы вачыма брацікаў. Хлопчыкі сядзелі на карачках у амбразуры акна, нахіліўшыся з сурёзным тварам да макрыцы і ледзь не стукаючы ілбамі. Яны стараліся не дыхаць, каб не спудзіць «звярка», які спыніўся і замёр на месцы.

Жоржэта, убачыўшы, што яе браты нешта разглядаюць, пажадала азнаёміцца, што гэта такое. Ёй нялёгка было дабрацца да іх, тым не менш яна адважылася на гэтае падарожжа. Дарога была трудная. На падлозе валялася шмат рэчаў: тут перакуленая табурэтка, там кіпа паперы, далей — расчыненыя пустыя скрынкі ад кніг; нейкія кошыкі, кучы ўсялякіх прадметаў, якія трэба было абмінаць.

Жоржэта смела пусцілася ў дарогу. Перш за ўсё трэба было вылезці з ложка — гэта таксама работа нялёгкая. Потым яна паплыла між рыфаў, з цяжкасцю прабіваючыся ў вузкіх пралівах, адштурхнула па дарозе табурэтку, прапаўзла між двума скрынямі, пералезла праз тоўсты звязак паперы, ускарабкаўшыся наверх з аднаго боку, перакуліўшыся з другога і пры гэтым шчыра паказаўшы голенькую ніжнюю частку свайго ружовага цельца, пасля чаго выбралася, нарэшце, у адкрытае мора, гэта значыць у другую палавіну пакоя, дзе падлога не была загружана і дзе ёй