Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/236

Гэта старонка была вычытаная

не пагражалі ніякія небяспекі. Тут яна смела рушыла далей, са шпаркасцю кацяняці перайшла на чатырох усю вольную прастору падлогі і шчасліва дабралася да акна. Але тут яе чакала сур'ёзная перашкода: удоўж сцяны цягнулася даўгая лесніца. Жоржэта спынілася, падумала і вырашыла: моцна ўчапіўшыся сваімі ружовымі пальчыкамі за адну з перакладзін лесніцы (лесніца ляжала бокам, так што перакладзіна стаяла прама), яна паспрабавала было падняцца, але ўпала; паспрабавала яшчэ раз — і зноў упала. На трэцім разе ёй удалося ўстаць. Тады, замацаваўшыся на ножках і выпрастаўшыся, яна пачала прабірацца ўдоўж лесніцы, перабіраючы перакладзіны абодвума рукамі. Дайшоўшы да канца, яна страціла пункт апоры і пахіснулася, але паспела ўчапіцца за апошнюю перакладзіну, зноў выпрамілася, глянула на Рэне-Жана, на Гро-Алэна і засмяялася.

III

У гэтую мінуту Рэне-Жан, задаволены вынікамі сваіх назіранняў над макрыцай, падняў галаву ісказаў:

— Гэта самка.

Убачыўшы, што Жоржэта смяецца, ён таксама засмяяўся, а за ім засмяяўся і Гро-Алэн.

Падарожжа Жоржэты было скончана. Яна падсела да брацікаў, дапоўніўшы сабой маленькі гурток вучоных натуралістаў. А тым часам макрыца знікла. Яна скарыстала смех Жоржэты і зашылася ў шчыліну між дошак падлогі.

Тут адбыліся новыя цікавыя падзеі. Па-першае, з'явіліся ластаўкі. Мабыць у іх было гняздо пад страхой. Устрывожаныя блізкасцю траіх дзяцей і баючыся за сваіх птушанят, яны з гучным шчэбетам лёталі каля самага акна, робячы шырокія кругі ў паветры. Па-