Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/239

Гэта старонка была вычытаная

самага берага абрыва над ровам, адкуль была відаць сярэдзіна бібліятэкі. Бачачы, што Рэне-Жан чагосьці спалохаўся і хаваецца, Гро-Алэн таксама схаваўся і прыціснуўся да яго. Тады схавалася, учапіўшыся за хлопчыкаў, і Жоржэта. Усе тры прыціхлі, застыгшы на месцы; Жоржэта нават прылажыла пальчык да губ. Праз некалькі мінут Рэне-Жан адважыўся высунуць галаву і глянуць у акно: салдат стаяў на тым-жа месцы. Рэне-Жан хуценька нагнуў галаву. Спалоханыя дзеці баяліся і дыхаць. Так цягнулася досыць доўга. Нарэшце страх надакучыў Жоржэце; яна расхрабрылася і глянула ў акно. Салдата не было. Тады рэбяты зноў пачалі бегаць.

У Гро-Алэна была свая спецыяльнасць — знаходкі. Яго брацік і сястрычка са дзіўленнем убачылі раптам, што ён, як шалёны, носіцца вакол пакоя і цягне за сабой цацку-калясачку на чатырох колах, якую ён недзе выкапаў. Гэтая калясачка, усімі забытая, шмат гадоў валялася ў пылу. Можа яшчэ Говэн гуляў з гэтай калясачкай, калі быў дзіцем.

Гро-Алэн зрабіў са сваёй вяровачкі пугу і пляскаў ёю, адчуваючы сваю перавагу.

Рэне-Жан абвясціў, што ён запражэцца ў павозачку, а Жоржэта пажадала пакатацца ў ёй. Яна сама ўлезла і ўселася ў ёй. Рэне-Жан быў канём, а Гро-Алэн — кучарам. Але тут выявілася, што кучар не ўмее паганяць, і конь пачаў вучыць яго:

— Крычы: «Но!» — скамандаваў Рэне-Жан.

— Но! — паўтарыў Гро-Алэн.

Вазок перакуліўся. Жоржэта вывалілася, ударылася і закрычала. Ёй вельмі хацелася паплакаць, але Рэне-Жан сказаў ёй:

— Годзе, ты-ж вялікая.