Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/240

Гэта старонка была вычытаная

— Вялікая, — паўтарыла Жоржэта, і гэта яе супакоіла.

Пад вокнамі бібліятэкі знадворку быў вельмі шырокі карніз. Ветрам нанесла на яго шмат пылу. Дажджы ператварылі гэты пыл у досыць тоўсты пласт зямлі, вецер прынёс сюды насенне. Зернятка аднаго вельмі жывучага віду цярноўніка скарыстала гатовую градку і пусціла парасткі. Праз год вырас цэлы куст. Быў жнівень месяц, куст быў пакрыты ягадамі; адна галінка забралася ў акно бібліятэкі і спускалася да самай падлогі.

Гро-Алэн, які знайшоў калясачку і вяровачку, першы звярнуў увагу і на гэтую галінку. Ён сарваў адну ягадзіну і з'еў.

— І я хачу, — заявіў Рэне-Жан.

Пачуўшы гэта, з другога кута пакоя да іх прыімчалася Жоржэта, скарыстаўшы спрошчаны, але найбольш хуткі спосаб — на каленках і на руках. Утрох яны абабралі ўсю галінку і з'елі ўсе ягады.

Многа тут было смеху і весялосці. Усе тры перапэцкаліся чырвоным сокам ад ягад.

То адзін, то другі калоў сабе пальцы аб калючкі: дарма нішто не даецца. Жоржэта працягнула Рэне- Жану свой пальчык з выступіўшай на ім капелькай крыві і, паказваючы на калючку, сказала:

— Кусаецца.

Гро-Алэн, які таксама пакалоўся, глянуў на калючку, надзьмуў губы і дадаў:

— Яна жывая і злая.

— Не, яна не жывая, — адказаў Рэне-Жан, — гэта палка.

— Злая палка, — сказаў тады Гро-Алэн.

Жоржэта і гэты раз хацела заплакаць, але яна засмяялася.