Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/241

Гэта старонка была вычытаная

V

Між тым Рэне-Жан, можа ад зайздрасці да свайго малодшага брата, задумаў шырокі праект. Яшчэ ў той час, калі ён абрываў з галінкі ягады, колючы сабе пальцы, яго вочы звярталіся да аналоя, які, нібы манумент, узвышаўся сярод бібліятэкі. На гэтым аналоі ляжала славутая кніга: «Жыццё святога Варфаламея».

Гэта была сапраўды дасканалая, рэдкая кніга. Яна была выдана ў Кёльне славутым выдаўцам бібліі 1682 года Блёвам, або Цэзіусам. Надрукована яна была не на галандскай, а на выдатнейшай шоўкавай арабскай паперы, якая ніколі не траціць свайго белага колеру. Пераплёт быў у залочаным саф'яне, засцежкі срэбныя. Чыстыя аркушы ў пачатку і ў канцы кнігі былі з самага лепшага пергамента. У кнізе было шмат гравюр на дрэве і на медзі і геаграфічныя карты розных краін.

Кніга была вельмі прыгожая, таму, Рэне-Жан і глядзеў на яе можа нават з занадта вялікай цікавасцю. Яна была разгорнута на вялікай гравюры, паказваючай святога Варфаламея. Гравюра відаць была з падлогі, бо кніга ляжала нахіленай. Калі ўсе ягады былі з'едзеныя, Рэне-Жан зірнуў на яе такім прагным поглядам, што кніга ўздрыганулася-б ад жаху, каб магла разумець. Жоржэта таксама заўважыла гравюру і сказала:

— Малюнак.

Гэтае слова, відаць, прымусіла Рэне-Жана дзейнічаць. І тут, на вялікае здзіўленне Гро-Алэна, ён зрабіў нешта незвычайнае. У куце бібліятэкі стаяла важкае дубовае крэсла. Рэне-Жан накіраваўся да яго цвёрдым крскам і адзін выцягнуў яго на сярэдзіну пакоя. Потым шчыльна прысунуў яго да аналоя, узлез на яго