Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/243

Гэта старонка была вычытаная

і рашучым рухам палажыў на кнігу абодва свае кулакі.

Дабраўшыся да сваёй мэты, ён узяў малюнак за верхні рог і пачаў старанна яго адрываць. Але як ні стараўся ён зрабіць гэта акуратна, а адарваў яго наўскасяк: увесь левы бок гравюры застаўся ў кнізе, а Жоржэце ён прэзентаваў толькі правую палову.

— І мне! — закрычаў Гро-Алэн.

Першая вырваная старонка, як першая пралітая кроў, вырашае справу: пасля гэтага пачынаецца пагром.

Рэне-Жан перагарнуў старонку.

Тым часам Жоржэта разадрала свой вялікі кавалак гравюры на два маленькія, потым на чатыры.

VI

Скончыўшы чвэрткаванне, Жоржэта працягнула руку Рэне-Жану і сказала:

— Яшчэ!

За святым Варфаламеем пайшлі ўсе іншыя партрэты. Заставаліся яшчэ геаграфічныя карты. Рэне-Жан раздаў і іх. Пакончыўшы з гэтым, ён кінуў кнігу на падлогу.

Гэта быў страшны момант.

Падзенне славутай кнігі, як і кожнай славутасці, нарабіла многа шуму і ўзняло цэлае воблака пылу.

Знішчыўшы супраціўніка, Рэне-Жан злез з крэсла. Тады, некалькі мінут падумаўшы, Гро-Алэн энергічным крокам падышоў да распасцёртай кнігі і пхнуў яе нагой.

Гэта паслужыла сігналам. Прагнасць да разбурэння сядзіць у кожным з нас. Рэне-Жан падышоў да кнігі і таксама пхнуў яе нагой. Жоржэта паспрабавала была зрабіць тое самае, але з размаху села на падлогу. Ка-