Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/244

Гэта старонка была вычытаная

рыстаючыся выгодаю свайго становішча, яна накінулася на кнігу. За ёй на бедную кнігу накінуўся Рэне-Жан, а за ім Гро-Алэн. І ўсе яны, працуючы рукамі і нагамі, зубамі і ногцямі, чырвоныя ад напружання, з дзікім захапленнем і смехам люта пачалі рваць апошнія гравюры, камячыць аркушы, вырываць закладкі, аддзіраць залачоны саф'ян пераплёта, выцягваць цвічкі са срэбных накутнікаў і ламаць пергамент. Шмат часу пайшло ў іх на гэтую работу, але ўсё-ж яны давялі яе да канца: ад святога Варфаламея нічога не засталося.

Калі было ўсё скончана, калі была вырвана апошняя старонка і апошняя гравюра апынулася на падлозе, калі ад кнігі засталіся толькі абрыўкі тэкста і гравюр, якія тырчэлі ў карашку пераплёта. Рэне-Жан устаў, глянуў на падлогу, усеяную параскіданымі аркушамі, і запляскаў у далоні. Гро-Алэн, вядома, зараз-жа яго падтрымаў. Жоржэта ўзяла з падлогі адзін аркуш, падпаўзла да акна, устала на ножкі, прытулілася да падаконня, якое даходзіла ёй да падбародка, і пачала крышыць свой аркуш на дробныя кавалкі, а кавалкі выпускаць за акно.

Хлопчыкам гэта спадабалася, і яны пачалі рабіць тое самае. Яны падбіралі і рвалі паперу, і хутка старадаўняя кніга, пакрышаная да апошняй старонкі жорсткімі маленькімі пальчыкамі, разляцелася па ветру: Жоржэта задумліва сачыла вачыма за беленькімі паперкамі, што мільгалі ў паветры, і нарэшце прамовіла:

— Матылькі.

Кара смерцю была скончана.

Між тым дзень падыходзіў к вечару. Гарачыня яшчэ павялічылася. У Жоржэты затуманіліся вочкі. Рэне- Жан падышоў да свайго ложка, выцягнуў з яго сяннік, прывалок яго пад акно, разлёгся на ім і сказаў: