Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/245

Гэта старонка была вычытаная

— Будзем спаць.

Гро-Алэн і Жоржэта таксама паляглі: Гро-Алэн — галавой на плячо Рэне-Жану, Жоржэта — галавой на плячо Гро-Алэну, і ўсе трое паснулі.

У адчыненае акно павявала цёплым дыханнем летняга вечара; пахі палявых кветак, прыляцеўшыя са схілаў і далін, блукалі, змешваліся з дыханнем ветру, навакол панаваў непарушны спакой; пара ад зямлі цягнулася да воблакаў. Над замкам Тург кружылі птушкі; ластаўкі заглядвалі ў вокны; здавалася, ім хацелася паглядзець, ці добра спаць дзецям. Яны спалі, грацыёзна параскідаўшыся, не рухаючыся, поўголыя; яны былі чароўныя і нявінныя (ім-жа ўсім разам не было і дзевяці год); яны бачылі цудоўныя сны, якія адбіваліся на іхніх губах слабай усмешкай. Не шамацела лісце, не шурхала трава.

Сонца ўжо блізілася да захаду і амаль дакраналася да гарызонта. Раптам сярод глыбокага спакою засынаючай прыроды бліснула маланка, і ўслед за тым пачуўся страшэнны гул. Гэта быў гарматны стрэл. Рэха падхапіла гэты гул і разнесла яго па ўсёй ваколіцы; перакатваючыся са ўзгорку на ўзгорак, ён ператварыўся ў грукат. Гэты грукат разбудзіў Жоржэту.

Яна прыпадняла галоўку, выцягнула свой пальчык і скрозь сон прамармытала:

— Бум!

Грукат спыніўся, і зноў усюды стала ціха.

Галоўка Жоржэты апусцілася на плячо Гро-Алэну, і яна зноў заснула.