Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/246

Гэта старонка была вычытаная

КНІГА ТРЭЦЯЯ


МАЦІ

СМЕРЦЬ ІДЗЕ

К вечару гэтага самага дня бедная маці, якая ішла бадай наўздагад, ледзь не падала ад стомы. Яна прабыла на нагах увесь дзень. Гэта паўтаралася штодзень. Ісці ўперад і ўперад, ніколі не адпачываючы, было цяпер яе жыццём, бо тыя гадзіны, калі яна падала ў знямозе і засынала, дзе прыдзецца, нельга было назваць адпачынкам, як нельга было назваць харчаваннем тыя крошкі ежы, што трапляліся ёй, як птушцы, наляту. Яна спала і ела роўна столькі, каб не памерці.

Папярэднюю ноч яна правяла ў закінутым хлеве. Сярод пакінутага поля яна ўбачыла чатыры сцяны з рэшткамі страхі, з адчыненымі дзвярыма і ахапкам саломы на падлозе. Яна лягла на гэтую салому. Засынаючы, яна адчувала, як пад ёй варушыліся пацукі, і бачыла скрозь страху зоркі. Яна праспала некалькі гадзін, прачнулася сярод начы і зараз-жа зноў пусцілася ў дарогу, каб прайсці як мага больш да паўдзённай гарачыні.

Яна старалася трымацца таго кірунку, які ёй паказаў селянін з Ванторта; яна ішла на захад, па магчымасці