Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/248

Гэта старонка была вычытаная

не адхіляючыся ад гэтага шляху. Каб хто-небудзь быў ля яе, ён чуў-бы, як яна ўвесь час ціханька паўтарала: «Тург, Тург». Здавалася, яна забыла ўсе словы, апрача гэтага слова ды яшчэ імён сваіх трох дзяцей.

Хада памагала ёй думаць. Яна думала аб тым, што ёй прышлося перажыць, аб тым, што яна выцерпела і чаму яна была вымушана скарыцца. Аднак цяпер гэта было ёй усёроўна: ёй трэба было адно — знайсці сваіх дзяцей.

У гэты дзень ёй перш за ўсё трапілася па дарозе вёска. Займалася на золак, усё было ахоплена змрокам, а між тым на галоўнай вуліцы вёскі дзверы дамоў былі крыху адчыненыя, і з акон высоўваліся галовы цікаўных. Жыхары хваляваліся, нібы пчолы ў патрывожаным вуллі, а хваляваліся яны таму, што пачулі, як набліжаецца грукат цяжкіх колаў і бразганне ланцугоў.

На пляцы перад царквой стаяў перапалоханы натоўп. Усе глядзелі ўверх, на дарогу, што ішла з узгорку. Па ёй нешта рухалася. Гэта была вялікая павозка, якую цягнулі на ланцугах пяцёра коней. На павозцы былі навалены нейкія даўгія бэлькі ці бярвенні, а пасярэдзіне ўзвышалася нешта бясформенае, прыкрытае, нібы саванам, вялікім брэзентам. Перад павозкай і за ёй ехала па дзесяць коннікаў. На ўсіх былі трохкутныя капелюшы, і за плячом у кожнага вытыркалася нешта вострае — відаць, голая шабля. Уся працэсія павольна набліжалася, і на гарызонце выразна вызначаліся чорныя сілуэты: і коні, і павозкі, і коннікі здаваліся зусім чорнымі. За імі ледзь бялелася палоска досвітнага неба.

Павозка са сваёй аховай прыехала ў вёску і накіравалася да пляца. Пакуль яна спускалася з узгорку, пачало віднець, і цяпер можна было добра разгледзець