Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/25

Гэта старонка была вычытаная

Потым пачаў змяншацца ў змроку надыходзячай ночы і, нарэшце, знік з вачэй.

Праз гадзіну Жэламбр, вярнуўшыся да сябе ў Сент-Элье, адправіў наступныя радкі графу д'Артуа[1], у галоўную кватэру герцага Іёркскага:

«Ваша светласць! Ад'езд адбыўся. Поспех забяспечаны.

Праз тыдзень усё ўзбярэжжа, ад Гранвіля да Сен-Мало, будзе ахоплена пажарам».

А за чатыры дні раней дэпутат ад Марны і прыёр, камандыраваны з важнымі паўнамоцтвамі ў армію, што стаяла на ўзбярэжжы ля Шэрбурга, і які жыў у той час у Гранвіле, атрымаў праз сакрэтнага эмісара ліст, напісаны тою самаю рукою, што і вышэйпрыведзеная дэпеша. Вось што было ў ёй напісана:

«Грамадзянін дэпутат! 1 чэрвеня, у час прыліву, выйдзе ў мора ваенны карвет «Клэймор» з замаскаванай батарэяй. Ён павінен высадзіць на бераг Францыі чалавека з наступнымі адзнакамі: стары, высокі рост, сівыя валасы, арыстакратычныя рукі, сялянскае ўбранне. Далейшыя падрабязнасці прышлю вам заўтра. Ён высадзіцца 2-га раніцай. Папярэдзьце нашу эскадру, захапіце карвет. Загадайце гільятыніраваць гэтага чалавека».

КАРАБЛЬ І ПАСАЖЫР У ЦЕМРЫ НОЧЫ

Замест таго, каб накіравацца на поўдзень, карвет павярнуў спярша на поўнач, потым на захад і ўвайшоў прама ў той рукаў мора, між Серкам і Джэрсеем, які вядомы пад назвай «Праходу крушэнняў». Ні на тым, ні на другім беразе гэтага праходу не было маяка.

  1. Граф д'Артуа — брат караля Людовіка ХVI.