Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/251

Гэта старонка была вычытаная

СМЕРЦЬ ГАВОРЫЦЬ

Мішэль Флешар бачыла, як праязджала павозка з дзіўнай паклажай, але не зразумела, ды і не старалася зразумець, што гэта такое: перад яе вачыма стаяла другое — яе загінуўшыя дзеці.

Яна вышла з вёскі ўслед за тым, як праехала дзіўная працэсія, і пайшла па той-жа дарозе недалёка ад задніх коннікаў. Раптам яна ўспомніла толькі што чутае слова: «гільятына». Гэтая цёмная жанчына не ведала, што яно азначае, але інстынктыўна адчула ў ім нешта нядобрае. Яна задрыжала, сама не ведаючы чаму; ёй зрабілася страшна ісці следам за гэтай павозкай; яна сышла з дарогі, узяла ўлева і паглыбілася ў гушчар лесу. Гэта быў Фужэрскі лес.

Пасля некалькіх гадзін хады яна ўбачыла званіцу і стрэхі адной з вёсак, параскіданых на ўскрайку лесу. Ёй хацелася есці; яна накіравалася прама ў вёску. Дайшла да галоўнай плошчы, дзе стаяў будынак мэрыі. У гэтай вёсцы змяшчаўся адзін з рэспубліканскіх ваенных пастоў. Тут таксама можна было заўважыць трывогу. Усхваляваны натоўп ціскаўся перад ганкам мэрыі. На ганку стаяў чалавек, абкружаны канвоем, з вялікім разгорнутым плакатам у руце. З правага боку ад яго стаяў барабаншчык, з левага — рабочы, які трымаў у руках гаршок з клеем і пэндзаль. Над ганкам, на балконе, стаяў мэр вёскі з трохкаляровай перавяззю на сваім сялянскім убранні.

Чалавек з плакатам быў народны глашатай. Апрача трохкаляровай перавязі, на ім была дарожная сумка, якая азначала, што ён мае інструкцыю абыйсці ўсе вёскі і нешта абвясціць да агульнага ведама.

Калі Мішэль Флешар падыходзіла да натоўпу, глашатай толькі што разгарнуў свой плакат і нарыхтаваўся чытаць.