Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/252

Гэта старонка была вычытаная

Ён пачаў гучным голасам:

«Французская рэспубліка, адзіная і недзялімая…»

Раздаўся грукат барабана. Натоўп заварушыўся. Адны знялі свае каўпакі, другія яшчэ больш насунулі свае капелюшы. У той час у Брэтані па тым, што было надзета на галаве, можна было бадай без памылкі пазнаць, якіх палітычных поглядаў прытрымліваецца чалавек: капелюшы выдавалі раялістаў, каўпакі — рэспубліканцаў. Гоман сціх, усе слухалі. Глашатай пачаў чытаць:

«… У моц даных нам Камітэтам грамадскага ратавання інструкцый і паўнамоцтваў»…

У другі раз загрукатаў барабан. Глашатай чытаў:

«… і ў выкананне дэкрэта Нацыянальнага Канвента, які абвяшчае па-за законам усіх мяцежнікаў, узятых са зброяй у руках, і карае найвышэйшай крымінальнай карай кожнага, хто дасць ім прытулак або будзе садзейнічаць іхнім уцёкам…»

Глашатай махнуў сваім плакатам і пачаў далей:

«… абвяшчаюцца стаячымі па-за законам асобы, вядомыя пад наступнымі імёнамі і прозвішчамі…»

Натоўп настаражыўся.

«… Лантэнак, разбойнік…»

Голас глашатая грымеў цяпер, як труба. Ён паўтарыў:

«… Лантэнак, разбойнік, былы маркіз…»

— Гэта мансен'ёр, — прамармытаў нейкі селянін.

І ў натоўпе зашапталіся:

— Гэта мансен'ёр, мансен'ёр…

«… Іманус, разбойнік…»

Двое сялян пераглянуліся.

— Гэта Гуж-ле-Бруан.

— Так, празваны Страхам сініх.

Глашатай між тым чытаў далей: