Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/255

Гэта старонка была вычытаная

рыззі, са сваім вар'яцкім, нерухомым позіркам. Пачуліся галасы:

— Адкуль узялася гэтая жанчына? Ці не з турмы ўцякла?

— Падобна на тое.

Адна сялянка з поўным кошыкам грачаных коржыкаў падышла да яе і шапнула ёй на вуха:

— Маўчы!

Мішэль Флешар са здзіўленнем утаропілася на гэтую жанчыну. Яна зноў перастала разумець. Слова «Тург» на адзін міг, нібы маланкай, прамільгнула ў яе свядомасці, а цяпер усё зноў паглынула ноч. Хіба яна не мае права пытацца, як іншыя? Чаму-ж усе так глядзяць на яе?

Між тым барабаншчык скончыў свой апошні грукат, чалавек з пэндзалем наклеіў на сцяну абвестку, мэр пайшоў з балкона, глашатай адправіўся ў другую вёску, і натоўп разышоўся. Застаўся толькі невялікі гурток людзей мерад плакатам. Мішэль Флешар падышла да іх. Гутарка ішла пра мяцежнікаў, якіх абвясцілі па-за законам. У натоўпе былі і сяляне, і буржуа, гэта значыць і белыя і сінія. Адзін з сялян казаў:

— Усёроўна ўсіх не пераловяць. Што значыць якія-небудзь дзевятнаццаць чалавек?

— Ды ці мала іх!

— Іх не дзесяткі, а сотні.

— Дурні! — сурова перапыніў сівы дзед. — Усё прападзе, калі яны возьмуць Лантэнака.

— Ды ён-жа-ж яшчэ не ўзяты, — адказаў нехта з моладзі.

Стары сказаў:

— Страціць Лантэнака ўсёроўна, што страціць душу. Памрэ Лантэнак — памрэ і Вандэя.