Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/256

Гэта старонка была вычытаная

— Толькі і чуеш навакол: «Лантэнак, Лантэнак». Хацеў-бы я ведаць, хто ён такі, — сказаў нейкі буржуа.

Другі буржуа адказаў яму:

— Гэта былы маркіз.

А трэці дадаў:

— Адзін з тых, што расстрэльваюць жанчын.

Мішэль Флешар пачула гэта і сказала:

— Гэта праўда.

Усе абярнуліся. Яна дадала:

— Мяне таксама расстралялі.

Дзіўна было чуць такія словы: жывая жанчына сцвярджала, што яна памерла. Усе пачалі разглядаць яе не надта прыязна.

І сапраўды, на яе непрыемна было глядзець: змардаваная, дрыжачая, яна ледзь трымалася на нагах і азіралася па баках, як зацкаваны звер, спуджаная ад жаху. У роспачы жанчыны ёсць нешта жудасна-бездапаможнае: страшна бачыць слабую істоту ва ўладзе жорсткага лёсу. Але народ прасцей глядзіць на рэчы. Адзін з сялян прамармытаў:

— Можа гэта шпіёнка?

— Маўчы і ідзі адсюль! — шапнула ёй зноў тая жанчына, што гаварыла з ёй раней.

Мішэль Флешар адказала ёй:

— Я-ж не раблю нічога дрэннага, я толькі шукаю сваіх дзяцей.

Добрая жанчына пераглянулася з людзьмі, дакранулася пальцам да свайго ілба, падміргнула і сказала:

— Гэта дурная, прыдуркаватая.

Потым адвяла яе ўбок і дала ёй корж. Мішэль прагна пачала есці.

— І то праўда, — пачуліся галасы. — Глядзіце, яна есць, як звер: пэўна дурная.