Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/257

Гэта старонка была вычытаная

І ўсе адзін за адным пачалі разыходзіцца.

Калі Мішэль пад'ела, яна сказала сялянцы:

— Ну вось я і сытая. Цяпер пакажыце мне дарогу на Тург.

— Зноў яе забірае! — усклікнула сялянка.

— Мне трэба ў Тург. Калі ласка, скажыце, як туды прайсці.

— Нізавошта не скажу. Ты, пэўна, хочаш, каб цябе забілі? Звар'яцела ты, ці што? Ды, праўду сказаць, я і сама не ведаю, як туды прайсці. Паслухай, даражэнькая, ты, я бачу, вельмі змарылася. Пойдзем лепш да мяне, адпачні.

— Мне нельга адпачываць.

— І сапраўды, у яе ўсе ногі абадраныя, — прамармытала сялянка.

Мішэль Флешар пачала тлумачыць:

— Кажу вам — у мяне ўкралі дзяцей. Двух хлопчыкаў і дзяўчынку. Можаце спытаць пра мяне ў Тэльмарша Бадзягі. Я жыла ў яго зямлянцы, у лесе; адтуль я іду. Потым я яшчэ ў полі сустрэла аднаго чалавека; ён таксама ведае, чаго я іду. Тэльмарш мяне вылечыў. У мяне, здаецца, была перабіта нейкая костка. Усё гэта праўда, я нічога не выдумляю. Яшчэ адзін салдат мяне ведае — сержант Радуб. Параспытайце яго, ён вам усё раскажа. Ён-жа-ж і падабраў нас у лесе — трох маіх дзяцей і мяне. Іх трое ў мяне, я гэта магу даказаць. Старэйшанькага завуць Рэне-Жан, другога — Гро-Алэн, а дзяўчынку — Жоржэта. Муж у мяне памёр: яго забілі. Вы, здаецца, добрая — пакажыце мне дарогу. Я сапраўды не вар'ятка, я толькі маці. Я згубіла дзяцей і шукаю іх, вось і ўсё. Я і сама не ведаю, з якіх месц я іду. Сёнешнюю ноч я начавала на саломе ў нейкім