Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/258

Гэта старонка была вычытаная

хляве. А іду я ў Тург. Я не валацуга якая-небудзь, не зладзейка. Хіба вы не бачыце, што я кажу праўду? Вы павінны дапамагчы мне знайсці маіх дзяцей. Я не тутэйшая, мяне расстралялі, але я не ведаю, дзе гэта было.

Сялянка паківала галавой і сказала:

— Паслухай, любая: у такі непакойны час, як наш, цябе могуць арыштаваць.

— О, божа! Мне трэба ў Тург! — ускрыкнула бедная маці. — Мадам! Прашу вас, малю, заклінаю ўсім, што ёсць святога на зямлі, — скажыце, як трапіць мне ў Тург?

Сялянка раззлавалася.

— Кажу табе, не ведаю. А каб і ведала, не сказала-б. Гэта нядобрае месца. Няма чаго табе хадзіць туды.

— Я ўсёроўна пайду, — сказала Мішэль і рушыла ў дарогу.

Сялянка паглядзела ёй услед і прабурчэла:.

— Ёй трэба усё-такі што-небудзь есці.

Сялянка пабегла за ёй і сунула ёй у руку яшчэ адзін корж.

— Гэта табе на вячэру, — сказала яна.

Мішэль Флешар узяла корж, нічога не адказала, не павярнула нават галавы і пайшла далей.

Яна вышла з вёскі.

Ля апошніх дамоў ёй трапіліся насустрач трое маленькіх дзяцей, абадраных і басаногіх. Яна спынілася, паглядзела на іх і сказала:

— Не, не мае: тут дзве дзяўчынкі і хлопчык.

І, бачачы, што дзеці глядзяць на яе корж, яна аддала яго ім. Яны спалохаліся гэтай дзіўнай жанчыны, але корж узялі. Мішэль Флешар знікла ў лесе.