Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/259

Гэта старонка была вычытаная

ПАМЫЛКА

У гэты-ж дзень, яшчэ да світання, у лесе, на дарозе між Жавенэ і Лекусам, здарылася наступнае.

За гадзіну да таго, як Мішэль Флешар з другога боку лесу падыходзіла да вёскі, дзе ёй сустрэлася суровая працэсія — чорная павозка пад аховай жандармаў, — у густым зарасніку, зараз-жа за мостам, сядзела ў засадзе нябачная групка людзей. У густым хмызняку лёгка было схавацца. Людзі гэтыя былі сяляне. Усе былі ўзброеныя — некаторыя стрэльбамі, другія сякерамі. Тыя, у каго былі сякеры, насеклі сухога галля і круглякоў і расклалі касцёр; яго заставалася толькі падпаліць. Тыя, у каго былі стрэльбы, стаялі паабапал дарогі напагатове. Усе стрэльбы былі прасунуты між галін і накірованы на дарогу. Людзі трымалі палец на ўзведзеных курках. Яны кагосьці пільнавалі.

Пачынала віднець; можна было ўжо разгледзець белаватую палоску дарогі. У поўзмроку перагаварваліся ціхія галасы.

— Ды ты напэўна ведаеш?

— Я так чуў.

— Што яе тут павязуць?

— Кажуць, яна ўжо недалёка.

— Яе нельга выпускаць.

— Спаліць яе, і справе канец.

— Навошта-ж нас і сабралося тут цэлыя тры вёскі?

— Яно так, але-ж яна пад канвоем.

— Канвой мы пазабіваем.

— Ці праўда, што яе павязуць па гэтай дарозе?

— Кажуць, па гэтай.

— Дык, значыцца, яе вязуць з Вітрэ?

— Можа і адтуль.