Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/26

Гэта старонка была вычытаная

Сонца ўжо села. Ноч была чарней за звычайныя летнія ночы. Месяц павінен быў узыйсці, але ўсё неба было зацягнута вялізнымі хмарамі; па ўсяму было відаць, што месяц пакажацца толькі перад самым сваім захадам. Некалькі хмар навісла нізка над морам. Цемра спрыяла мэтам карвета.

Лоцман Гакуаль спадзяваўся, што, калі не здарыцца нічога непрадбачнага, вецер будзе спадарожны і можна будзе падняць усе парусы, карвет на світанні прыстане да французскага берагу.

Спачатку ўсё ішло добра. Гадзін каля дзевяці надвор'е быццам нахмурылася, як кажуць маракі: вецер пасвяжэў, і паднялася хваля. Але вецер быў спадарожны, і моцнае хваляванне не пераходзіла ў буру. Аднак, кожны раз, як налятаў шквал, карвет зарываўся носам у ваду.

«Мужык», якога лорд Балькара назваў генералам і якому прынц дэ-Ла-Тур д'Овернь сказаў: «Да пабачэння, брат мой», са спакойнай важнасцю хадзіў па палубе, хадзіў упэўненай, цвёрдай хадой марака, нібы і не заўважаючы гойдання. Часам ён даставаў з кішэні сваёй світкі плітку шакаладу, адламваў кавалачак, клаў у рот і жаваў. Не гледзячы на сівыя валасы, у яго былі цэлыя ўсе зубы.

Ён ні з кім не ўступаў у размову, калі не лічыць адрывістых фраз, якія ён часам ціха кідаў капітану. Той з павагай выслухваў кожнае слова і, здавалася, лічыў за камандзіра судна гэтага пасажыра, а не сябе.

Пад майстэрскім кіраваннем лоцмана «Клэймор», не заўважаны праз туман, абышоў доўгую паўночную канцовасць Джэрсея, трымаючыся пад самым берагам, каб не напароцца на небяспечны рыф, што тырчыць пасярэдзіне марскога рукава між Джэрсеем і Серкам. Гакуаль, стоячы ля руля, накіроўваў судно між пад-