Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/261

Гэта старонка была вычытаная

— Спаліць яе, спаліць! — закрычалі ўсе ў адзін голас.

І лесніцу спалілі.

А тая чорная павозка з жудасным грузам, якую пільнавалі, праехала другой дарогай і ўжо наблізілася да той вёскі, дзе яе досвіткам бачыла Мішэль Флешар.

ГОЛАС У ПУСТЫНІ

Аддаўшы свой коржык тром маленькім жабракам, Мішэль Флешар пайшла наўздагад праз лес.

Ёй не хацелі паказаць дарогі, значыцца, заставалася самой знайсці яе. Яна часта прысаджвалася, зноў падымалася і ішла. Яе апанавала такая стома, нібы пудовыя гіры былі ў яе на нагах; не толькі мускулы, але і косці ў яе нылі. Гэта была стома заморанага раба. Яна і сапраўды была рабой — рабой сваіх загінуўшых дзяцей. Яна павінна была іх знайсці. Кожная страчаная мінута магла іх загубіць. Яна не адпачывала. Але яна дайшла да такога знесілення, што кожны лішні крок быў для яе пытаннем — ці здолее яна зрабіць яго. Яна ішла з ранку, і з самага ранку ёй не траплялась болей ніводнай вёскі, ніводнай мызы. Спачатку яна ішла па вернай дарозе, потым, сама не ведаючы як, звярнула з яе і нарэшце заблудзіла ў непралазным гушчары лесу, дзе не было ніякіх прымет, па якіх можна было-б арыентавацца. Ці набліжалася яна да мэты, ці аддалялася ад яе? Што, калі яна ўпадзе на дарозе і памрэ? Мінутамі ёй здавалася, што яна не будзе мець сілы ступіць і кроку. Сонца спускалася да гарызонта, у лесе пацямнела, сцежак нельга было разгледзець у густой траве: бедная жанчына зусім збянтэжылася. Яна спрабавала было крычаць, клікаць на дапамогу, але ніхто не адгукнуўся ёй.