Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/262

Гэта старонка была вычытаная

Яна агледзелася навакол і ўбачыла прасвет між галінамі. Яна завярнулася ў той бок і нечакана вышла на ўскрай лесу.

Перад ёй ляжала вузкая лагчына, на дне якой бегла па каменнях празрыстая вада. Мішэль Флешар успомніла, што яе даўно мучыць смага. Яна сышла да крыніцы, апусцілася на калені і пачала піць. Стоячы на каленях, яна памалілася. Потым паднялася і пачала азірацца.

За лагчынай распасцерлася, наколькі хапала вока, шырокае плато, парослае дробным хмызняком. Пакатым спадам падымалася яно ад самага раўчука і ішла кудысьці за гарызонт. Гэтае плато было сапраўднай пустыняй. У лесе за кожным кустом можна было напароцца на каго-небудзь, а на гэтай раўніне, наколькі можна было бачыць простым вокам, не было відаць ні душы. Толькі над верасам, нібы ратуючыся ад небяспекі, праляталі нейкія птушкі.

Тады ў роспачы, адчуваючы, што ў яе падгінаюцца калені, разумеючы ўжо сваю бездапаможнасць сярод гэтай страшнай бязлюднай прасторы, няшчасная маці, зусім ашалеўшы, крыкнула:

— Ці ёсць тут хто? Адгукніся!

Ёй адказалі.

Яна пачула глухі, глыбокі голас; ён ішоў нібы з самага краю зямлі. Здавалася, ён адказаў на пытанне беднай маці і сказаў: «Так». Потым зноў стала ціха.

Мішэль Флешар выпрамілася: яна аджыла. Значыцца, яна не адна ў гэтай пустыні, значыцца, тут ёсць нехта, хто можа ёй дапамагчы. Яна толькі што заспакоіла смагу і памалілася: сілы вярталіся да яе. Яна пачала падымацца на плато ў тым кірунку, адкуль да яе даляцеў далёкі магутны гук.