Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/263

Гэта старонка была вычытаная

Раптам яна ўбачыла, што з-за гарызонта выплыла высокая вежа, уся барвовая пад праменнямі заходзячага сонца, адзінокая на гэтай раўніне. Да яе заставалася яшчэ больш мілі хады. За ёю чарнелася паласа густога лесу: гэта быў Фужэрскі лес.

Мішэль накіравалася прама да вежы.

СТАНОВІШЧА СПРАЎ

Час прышоў: бязлітасны быў ва ўладзе няўмольнага. Лантэнак быў у руках Сімурдэна.

Стары мяцежнік-раяліст быў заперты ў сваёй бярлозе. Ён не мог уцячы. Сімурдэн хацеў, каб гэты арыстакрат, былы маркіз, быў пакараны смерцю тут-жа, на месцы, у сваіх уладаннях, у сваім уласным доме; ён хацеў, каб старое феадальнае гняздо было сведкай таго, як упадзе галава феадала, і каб ва ўсіх надоўга застаўся ў памяці гэты ўрок.

Вось чаму ён і паслаў у Фужэр за гільятынай — той самай, якую напаткала Мішэль Флешар.

Забіць Лантэнака азначала забіць Вандэю, а забіць Вандэю азначала выратаваць Францыю. Сімурдэн не вагаўся. Гэты чалавек адчуваў сябе ў сваёй стыхіі, калі дзеля выканання абавязка яму прыходзілася быць жорсткім.

Маркіз загіне — у гэтым не магло быць сумненняў, і Сімурдэн быў спакойны. Але яго непакоіла другое. Барацьба чакалася жорсткая. Говэн павінен быў кіраваць атакай і пэўна пойдзе ў першых шэрагах. У гэтым маладым начальніку жыла душа салдата: ён мог кінуцца, ні на што не гледзячы, у рукапашную бойку. Толькі-б яго не забілі! Да гэтага часу шчасце дапамагала яму, але шчасце нясталае. Сімурдэн дрыжаў за свайго выхаванца. Па дзіўнаму капрызу лёсу ён апы-