Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/264

Гэта старонка была вычытаная

нуўся між двух Говэнаў, жадаючы смерці аднаму і дрыжучы за жыццё другога.

Стрэл гарматы, які разбудзіў Жоржэту ў яе калысцы і выклікаў маці на дапамогу дзецям з пустыннай раўніны, меў не толькі гэтыя вынікі. Выпадкова ці па жаданню кананіра, што наводзіў гармату, ядро, якое павінна было служыць толькі папярэджаннем, ударыла ў жалезную арматуру байніцы на другім паверсе вежы, прабіла яе і напалову вырвала са сцяны. Так гэта і засталося: абложаным не было калі займацца папраўкай такіх пашкоджанняў.

Абложаныя пахваліліся, што ў іх многа зарадаў; зарадаў у іх было мала. Становішча абложаных было больш крытычнае, як думалі нападаючыя. Каб у іх было больш пораху, яны пусцілі-б атакуючых у вежу і ўзарвалі-б разам з усімі, у тым ліку і з сабой. Яны марылі аб гэтым, але запасы пораху ў іх падыходзілі к канцу; яго заставалася не больш, як на трыццаць стрэлаў для кожнага чалавека. У іх было шмат стрэльбаў, мушкетаў і пісталетаў, але мала патронаў. Яны зарадзілі ўсю быўшую ў іх агнестрэльную зброю, каб мець магчымасць падтрымліваць бесперапынны агонь. Але як доўга прыдзецца весці такую страляніну? Трэба было ў адзін і той-жа час і падтрымліваць агонь, і берагчы зарады, — цяжкая задача. Уся іх надзея была на тое, што барацьба будзе весціся галоўным чынам халоднай зброяй — шаблямі і кінжаламі, што прыдзецца не столькі страляць, колькі калоць і сячы.

Унутранасць вежы здавалася непрыступнай. У ніжнім зале, дзе быў пралом, пабудавалі моцную барыкаду, якая загароджвала ўваход. За барыкадай у зале паставілі даўгі стол і расклалі на ім зброю — зараджаныя стрэльбы, карабіны, пісталеты, шаблі, сякеры