Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/265

Гэта старонка была вычытаная

і кінжалы. З прычыны таго, што вежу ўсёроўна нельга было ўзарваць і, такім чынам, ніжняя камера падземнай цямніцы, аддзеленая ад ніжняга зала толькі дзвярыма, аказвалася бескарыснай, маркіз загадаў зусім закалаціць гэтыя дзверы. Над ніжнім залам быў круглы зал другога паверха, куды можна было трапіць толькі па вузкай вінтавой лесніцы. Гэты пакой, дзе, як і ў ніжнім зале, стаяў стол з наваленай на ім агнестрэльнай зараджанай і халоднай навостранай зброяй, асвятляўся галоўнай байніцай, у якой ядро папсавала краты. Адсюль, таксама па вінтавой лесніцы, можна было падняцца ў зал трэцяга паверха, дзе былі жалезныя дзверы, што выходзілі ў замак на мосце. Гэты зал меў дзве назвы — пакоя з жалезнымі дзвярыма і люстранага, бо там, на голых камнях сцен, на старых іржавых цвіках, было панавешана шмат маленькіх люстэрак — мешаніна раскошы з варварствам. З прычыны таго, што верхнія паверхі абараняць было цяжка, то гэты «люстраны» зал быў апошнім пунктам, дзе абложаныя павінны ўжо будуць здацца на капітуляцыю. Уся справа была ў тым, каб не даць нападаючым пранікнуць у гэты зал.

Зал асвятляўся таксама байніцамі, але, апрача таго, там гарэў факел, устаўлены ў такую самую жалезную падстаўку, як і ў ніжнім зале. Факел быў запалены з пэўнай мэтай; запаліў яго Іманус і палажыў каля яго канец насычанага серкай шнура, праведзенага ў замак на мосце. Жорсткая прадбачлівасць!

У глыбіні ніжняга зала былі панастаўляны вялікія блюды з рысам, з пахлёбкай, з рубленай цяляцінай, з каржамі і збаны з сідрам. Кожны еў і піў, калі і колькі хацеў.

Стрэл гарматы падняў усіх на ногі. Да пачатку прыступу заставалася ўсяго поўгадзіны.