Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/266

Гэта старонка была вычытаная

Іманус з вышкі вежы сачыў за набліжэннем атакуючых. Лантэнак забараніў страляць, пакуль яны не падыйдуць зусім блізка. Ён сказаў:

— Іх чатыры з паловай тысячы. Усіх нам усёроўна не пазабіваць. Бескарысна страляць, пакуль яны не ўвайшлі: толькі тут, у вежы, сілы зробяцца роўнымі.

І дадаў, смеючыся:

— Роўнасць і братэрства.

Было дагаворана, што, як толькі вораг рушыць ў атаку, Іманус затрубіць у рог, каб папярэдзіць сваіх. Усе занялі месцы — хто за барыкадай, хто на ступеньках лесніцы — і моўчкі, са стрэльбамі ў адной руцэ і пацеркамі ў другой, чакалі.

Становішча ваюючых бакоў было такое: нападаючым трэба было ўварвацца ў пралом, аўладаць барыкадай і ўзяць з бою, адзін за адным, тры паверхі вежы і дзве вузкія вінтавыя лесніцы, б'ючыся на кожнай ступеньцы; абложаным заставалася адно — памерці.

ПЕРАД БОЙКАЙ

Говэн, у сваю чаргу, рыхтаваўся да атакі. Камандаванне штурмавой калонай ён пакінуў за сабой. Гэта і непакоіла Сімурдэна.

Сонца толькі што села. Вежа на адкрытай раўніне падобна на карабль у адкрытым моры. Атакаваць такую вежу можна толькі тым-жа спосабам, як карабль: гэта больш абардаж, як штурм. Гарматы тут непатрэбны. Які сэнс бамбардыраваць сцены ў пятнаццаць футаў таўшчыні? Пралом у борце, куды адны стараюцца ўварвацца, а другія намагаюцца загарадзіць, сякеры, нажы, пісталеты, кулакі і зубы — вось карціна такіх боек.