Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/267

Гэта старонка была вычытаная

Говэн разумеў, што не было іншага спосабу авалодаць вежай Тург. Няма нічога больш лютага, як атака, у час якой сыходзішся з ворагам тварам у твар. Говэн жыў у гэтай вежы, калі быў дзіцем; ён добра ведаў яе ўнутранае размяшчэнне і ведаў, як цяжка будзе яе ўзяць.

Ён глядзеў на яе і думаў аб тым, як яму ўдасца справіцца з гэтай задачай. Недалёка ад яго стаяў Гешан і глядзеў у падзорную трубу на дарогу ў Парын'е. Раптам ён закрычаў:

— А! Нарэшце ёсць!

Говэн павярнуўся да яго.

— Што там такое, Гешан?

— Лесніцу вязуць, камандзір.

— Як! Яе яшчэ не прывезлі да гэтага часу?

— Не, камандзір. Я вельмі непакоіўся.

— Як-жа-ж цяпер? Нам трэба пачынаць атаку. Вызначаны тэрмін ужо прайшоў. Калі мы будзем марудзіць, яны падумаюць, што мы не адважваемся.

— Што-ж, камандзір, мы можам пачынаць. Лесніца будзе. Яе ўжо вязуць. Можаце самі паглядзець.

Говэн узяў падзорную трубу, паглядзеў на дарогу і сказаў:

— Так, праўда. Ля павозкі ёсць коннікі: гэта пэўна лесніца. Толькі канвойных, мне здаецца, больш за дванаццаць чалавек.

— Але, нібыта больш, мне яно таксама здалося.

— Цяпер яны за чвэрць мілі адсюль.

— Праз чвэртку гадзіны лесніца будзе тут, камандзір.

— Значыцца, можна пачынаць.

Па дарозе сапраўды ехала павозка пад канвоем, але толькі не тая, якую яны чакалі.

Говэн азірнуўся і ўбачыў за сабой сержанта Радуба,