Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/268

Гэта старонка была вычытаная

які стаяў, выцягнуўшыся па-вайсковаму і трымаючы руку ля галаўнога ўбора.

— Што вам, сержант?

— Грамадзянін камандзір, мы, салдаты батальёна «Чырвонай Шапкі», просім у вас толькі адной ласкі.

— Якой?

— Пашліце нас наперад, пад кулі.

— А-а, вось што! Чаго гэта вам прышло ў галаву?

— Дык як-жа-ж, камандзір! З самай бойкі пад Долем вы нас шкадуеце. А нас яшчэ дванаццаць чалавек.

— Ну, дык што-ж?

— Нам крыўдна.

— Я трымаю вас у рэзерве.

— Мы хацелі-б лепш быць у авангардзе.

— Але вы яшчэ спатрэбіцеся ў апошні момант для рашучага ўдару. На гэты выпадак я вас і берагу.

— Занадта беражэце, камандзір.

— Не ў гэтым справа. Вы-ж пойдзеце ў штурмавой калоне.

— Так, ззаду. Але мы — парыжане, а Парыж мае права ісці наперадзе.

— Добра, сержант, я падумаю.

— Падумайце, камандзір. Сёння такі добры выпадак. Справа будзе гарачая. Вежа Тург апячэ пальцы таму, хто дакранецца да яе. Мы просім, як ласкі, паслаць нас у першых шэрагах.

Радуб замаўчаў, пакруціў вус і прадаўжаў узрушаным голасам:

— І, апрача таго, камандзір, у гэтай вежы нашы рэбяты — дзеці нашага батальёна. Іх трое ў нас. А гэтая паганая морда… як яго там?.. у яго шмат прозвішчаў — гэты Гуж-ле-Бруан, ён-жа Іманус, ён-жа Страх сініх — гэты д'ябал у чалавечым выглядзе пагражае загубіць нашых дзяцей. Падумайце, камандзір, загубіць гэтых