Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/269

Гэта старонка была вычытаная

малютак! Ды няхай тут хоць зямля праваліцца пад намі, а мы не папусцім іх у крыўду. Мы не хочам, каб з імі здарылася няшчасце. Чуеце, камандзір? Не хочам! Я толькі што бачыў іх усіх трох. У час перамір'я я скарыстаў хвілінку, падняўся на плато і зазірнуў у акно. Яны там, у замку. З берага плато добра відаць сярэдзіна пакоя. І я бачыў іх усіх. Ды і напалохаў-жа я іх! Яны пахаваліся, убачыўшы мяне… А я вам вось што скажу, камандзір: калі хоць адзін волас упадзе з галавы каго-небудзь з гэтых малышоў, клянуся вам усім, што толькі ёсць святога на зямлі, што я, сержант Радуб, адпомшчу за іх. Ды і ўвесь наш батальён кажа: «Мы выратуем нашых дзетак або памрэм». І памрэм, ляжам на месцы за іх усе да аднаго. Гэта наша права, чорт пабяры! Ну, вось, я скончыў. Маю гонар кланяцца, камандзір.

Говэн працягнуў яму руку і сказаў:

— Вы — малайцы. Вы пойдзеце ў штурмавой калоне. Я падзялю вас на дзве часткі: шасцёра пойдуць у авангардзе — павядуць калону за сабой, а шасцёра — у ар'ергардзе, каб не даць ёй адступіць.

— А як-жа я? Я-ж застаюся старшым у батальёне?

— Вядома.

— Дзякую, камандзір. Значыцца, я іду ў авангардзе.

Радуб яшчэ раз аддаў чэсць камандзіру і вярнуўся на сваё месца.

Говэн выняў гадзіннік, сказаў некалькі слоў на вуха Гешану, і штурмавая калона пачала строіцца.

ПРАМОВА І РЫКАННЕ

У гэты час Сімурдэн сказаў трубачу:

— Дай сігнал.

Трубач пратрубіў сігнал, і з вежы адгукнуўся ражок.