Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/27

Гэта старонка была вычытаная

воднымі скаламі, так сказаць, вобмацкам, але ўпэўнена, як чалавек, добра знаёмы з акіянам. Карвет не запальваў агнёў на носе, баючыся выдаць сваю прысутнасць у мясцінах, якія так пільна ахоўваліся. Усе на караблі радаваліся туману. Чуваць было, як прабіла дзесяць на званіцы Сент-Уэна, — верная адзнака, што вецер усё яшчэ дзьме ў карму. На карвеце па-ранейшаму ўсё ішло добра.

У пачатку адзінаццатай гадзіны капітан судна граф дзю-Буабертло і яго памочнік шэвалье дэ-Ла-В'ёвіль праводзілі чалавека ў сялянскім убранні ў адведзеную яму капітанскую каюту. Уваходзячы ў яе, ён павярнуўся і сказаў, сцішыўшы голас:

— Вам вядома, панове, што трэба строга захоўваць тайну. Ні слова нікому да самага моманта выбуху. Толькі вы двое на гэтым судне ведаеце маё імя.

— Мы знясем яго з сабой у магілу, — адказаў Буабертло.

— А я, — сказаў стары, — не назаву яго нават пад пагрозай смерці.

І ён увайшоў у каюту.

СУТЫЧКА

Капітан і яго памочнік зноў падняліся наверх і пачалі хадзіць па палубе, выказваючы свае ўражанні. Яны гаварылі пра свайго пасажыра.

Буабертло сказаў ціха на вуха Ла-В'ёвілю:

— Хутка мы ўбачым, які гэта правадыр.

Ла-В'ёвіль адказаў:

— Як-бы там ні было, ён усё-такі прынц.

— Так, амаль.

— Ва Францыі ён дваранін, але ў Брэтані — прынц.

— Не маючы французскага прынца, прыходзіцца згаджацца на брэтонскага, — заўважыў Буабертло.