Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/271

Гэта старонка была вычытаная

На гэта голас з вежы адказаў:

— Так, Каін.

Сімурдэн загаварыў зноў, і голас яго загучэў неяк па-новаму: пагардліва і разам з тым мякка.

— Абражайце, але выслухайце. Я прыходжу да вас парламенцёрам. Паўтараю: вы мне браты. Вы — няшчасныя, ашуканыя людзі. Я вам прыяцель. Ды ці не адной мы маткі-радзімы дзеці?.. Вось я прышоў да вас і прапаную вам сваю галаву; я раблю больш: я вам працягваю братэрскую руку. Я прашу вас, як ласкі: забіце мяне і гэтым выратуйце сябе. Мне дадзена неабмежаваная ўлада, і я магу выканаць тое, што абяцаю. Гэта мінута вырашыць ваш лёс. Я раблю апошнюю спробу прымірэння. Я ведаю, вы думаеце: «Нельга верыць таму, што гаворыць рэспубліканец». Так, з вамі гаворыць рэспубліканец, грамадзянін, але ў гэтым грамадзяніне засталося многа чаго ад ксяндза. Слухайце, браты! Многія з вас маюць жонак і дзяцей. Я бяру пад сваю абарону вашых жонак і дзяцей; я абараняю іх супроць вас. Браты мае…

— Ну, завёў сваю папоўскую дуду! —зарагатаў Іманус.

Сімурдэн казаў далей, нібы не чуючы:

— Браты мае! Спыніцеся, пакуль не позна. Няхай міне вас бяда! Яшчэ мінута, і пачнецца разаніна. Многія з нас, што стаяць тут перад вамі, не ўбачаць больш усходу сонца. Так, многія з нас загінуць, а вы, вы ўсе памрэце. Пашкадуйце-ж сябе. Навошта без карысці праліваць столькі крыві? Навошта забіваць столькі людзей, калі досыць забіць двух?

— Двух? — пераспытаў Іманус.

— Але, двух.

— Каго-ж?

— Мяне і Лантэнака.