Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/272

Гэта старонка была вычытаная

Сімурдэн узняў голас:

— Тут два лішнія чалавекі: для нас — Лантэнак, для вас — Сімурдэн. Дык вось, калі вы хочаце выратаваць сваё жыццё, я прапаную вам: выдайце нам Лантэнака і вазьміце мяне. Лантэнак памрэ на гільятыне, а са мной рабіце, што хочаце.

— Каб толькі трапіўся ты нам, поп, мы-б цябе сасмажылі на агні! — прарычаў Іманус.

— Згодзен, — сказаў Сімурдэн: — Вы тут, у гэтай вежы, асуджаныя людзі. Але праз якую-небудзь гадзіну вы можаце выйсці з яе жывымі і вольнымі. Гэта залежыць ад вас. Я даю вам ратунак. Ці прымаеце вы мой падарунак?

Іманус шалёна зароў:

— Ды ты не толькі злодзей, ты яшчэ і вар'ят! Чаго ты лезеш да нас са сваімі прапановамі? Хто цябе прасіў быць парламенцёрам? Каб мы ды выдалі мансен'ёра? Чаго ты хочаш ад нас?

— Яго галавы. А вам я прапаную…

— Тваю скуру? Таму што — ведай гэта, ксёндз Сімурдэн, — мы абадралі-б цябе, як сабаку. Але не, твая скура не варта яго галавы. Пайшоў прэч!

— Апошні раз — падумайце. Надыходзіць страшны момант.

Надыходзіла ноч. Лантэнак маўчаў, нібы гутарка ішла не аб ім.

Загаварыў Іманус, і голас яго перакрыў голас Сімурдэна.

— Слухайце вы, нападаючыя! Мы сказалі вам нашы ўмовы. Гэта наша апошняе слова, ад якога мы не адступімся. Кажыце-ж: ці прымаеце вы нашу прапанову? Калі не, дык сцеражыцеся! Дык вось, ці згодны вы? Мы аддамо вам вашых трох дзяцей, запертых у замку, а вы нас усіх выпусціце.