Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/273

Гэта старонка была вычытаная

— Усіх, апрача аднаго, — адказаў Сімурдэн.

— Каго?

— Лантэнака.

— Мансен'ёра? Выдаць мансен'ёра? Ніколі!

— Нам патрэбен Лантэнак. Мы можам дагаварыцца толькі на гэтай умове.

— Калі так, пачынайце атаку.

Зрабілася ціха. Іманус пратрубіў сігнал і спусціўся ўніз. Маркіз выняў шаблю з ножнаў. Усе дзевятнаццаць чалавек моўчкі сабраліся за барыкадай у ніжнім зале і апусціліся на калені. Ім было чутно, як штурмавая калона мерным шагам падыходзіла да вежы. Цяжкі тупат соцень ног шпарка набліжаўся. Раптам ён пачуўся зусім блізка, каля самай дзіры. Тады ўсе, стоячы на каленях, прасунулі свае стрэльбы ў шчыліны барыкады.

Бой пачаўся…

ВОЛАТЫ СУПРОЦЬ ГІГАНТАЎ

Карціна была жудасная.

Гэты рукапашны бой па сваёй лютасці перавышаў усё, што толькі можна ўявіць.

Перад нападаючымі адкрывалася чорнае бяздонне, і зверху, і знізу, і з бакоў панатырканае каменнымі зубамі ад узарванай сцяны. Такой колькасці зубоў не бывае нават у акул. І ў гэтую чорную дзіру трэба было ўвайсці.

Як толькі першая хваля атакуючых уварвалася ў пралом, уся барыкада забліскала маланкамі; здавалася, пад зямлёй загрукатаў гром. На гром засады адтукнуўся гром нападу. Стрэлы адказалі на стрэлы. Пачулася каманда Говэна: «Прабівайцеся наперад!», потым голас Лантэнака: «Трымайцеся мацней, сябры!»