Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/274

Гэта старонка была вычытаная

Нарэшце, крык Імануса: «Сюды, землякі!» Чуваць было лязганне шабляў і бесперапынныя залпы са стрэльбаў. Прымацаваны да сцяны факел слаба асвятляў гэту жудасную карціну. У чырванаватым змроку нічога нельга было разгледзець. Трапіўшы сюды, чалавек адразу рабіўся сляпым ад дыму і глухім ад грукату стрэлаў. Сярод абломкаў валяліся раненыя; байцы ішлі праз трупы, ступалі на свежыя раны, душылі нагамі перабітыя косці; раненыя стагналі ад болю, кусалі за ногі ступаўшых на іх. Мінутамі раптам надыходзіла цішыня, яшчэ больш жудасная, як шум. Людзі хапалі адзін аднаго за горла. З вежы праз пралом цурком цякла цёплая кроў, разлівалася па траве шырокай лужынай і дымілася ў цемры. Можна было падумаць, што сама вялізная вежа раненая і з яе цячэ кроў.

Як гэта ні дзіўна, знадворку амаль не чуваць было шуму. Ноч была ціхая, вельмі цёмная, і вакол абложанай вежы, у лесе і на раўніне, стаяла мёртвая ціша. Унутры было пекла, знадворку — магіла. Барацьба людзей, знішчаючых адзін аднаго ў цемры, трэск стрэлаў, крыкі ярасці — увесь гэты шум губляўся ў тоўстых сценах, пад высокім скляпеннем; гукі заміралі ад нястачы паветра. Жах бойні павялічваўся ад удушша. Па-за вежай нічога не было чуваць. Трое дзяцей спалі моцным сном.

Лютасць з абодвух бакоў узмацнялася. Бой разгараўся. Барыкада трымалася моцна. Няма нічога больш цяжкага, як браць барыкады, злучаныя пад кутом. Абложаным прышлося мець справу са значна перавышаючай колькасцю ворагаў; затое на іхнім баку была перавага выгаднай пазіцыі. Штурмуючая калона траціла многа людзей. Выцягнуўшыся ў адну шарэнгу ля падножжа вежы, яна павольна ўваходзіла ў пралом, усё скарачаючыся, нібы вужака, які запаўзае ў нару.