Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/276

Гэта старонка была вычытаная

Говэн, неасцярожны, як усе маладыя ваенныя начальнікі, стаяў у ніжнім зале, у самым цэнтры бойкі, пад градам куляў. Ён не думаў аб небяспецы, часткова можа і таму, што ён яшчэ ні разу не быў ранены.

Абярнуўшыся, каб даць нейкі загад, ён раптам, пад водбліскам стрэлу, убачыў побач з сабой знаёмы твар.

— Сімурдэн! — усклікнуў ён. — Вы тут чаму?

Гэта быў сапраўды Сімурдэн. Ён адказаў:

— Я прышоў, каб быць каля цябе.

— Вас тут заб'юць.

— Дык што-ж? Цябе таксама могуць забіць.

— Я тут патрэбны, а вы — не.

— Калі ты тут, я таксама павінен быць тут.

— Не, настаўнік мой!

— Так, дзіця маё!

І ён застаўся з Говэнам.

Куча мёртвых цел на каменнай падлозе ніжняга зала ўсё расла.

Барыкада не была яшчэ ўзятая, але было ясна, што перамога, нарэшце, будзе на баку большасці. Нападаючыя былі ўсе відаць, а тыя, хто абараняўся, былі схаваныя, так што на дзесяць выбываючых з строю ў першых прыпадаў толькі адзін ў другіх. Але паток штурмуючых увесь час аднаўляўся свежымі людзьмі, іх лік узрастаў, а лік абаронцаў вежы ўсё змяншаўся.

Усе дзевятнаццаць чалавек сабраліся за барыкадай, на якую была накірована атака. У іх ужо былі забітыя і раненыя. У страю заставалася не больш пятнаццаці чалавек. Адзін з іх, брэтонец Шант-ан-Івер, карчасты маленькі чалавечак, надзвычайна спрытны і рухавы, бадай самы смелы з усіх, быў страшэнна пакалечаны. У яго была раструшчана сківіца і выкалата вока. Але ён мог яшчэ рухацца. Ён папоўз па вінтавой лесніцы