Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/277

Гэта старонка была вычытаная

і падняўся на другі паверх, каб там памаліцца і памерці. З труднасцю падняўшыся на ногі, ён прыхіліўся да сцяны ля байніцы, каб глытнуць свежага паветра.

Між тым унізе, перад барыкадай, бойня з кожнай мінутай рабілася жахлівей. Раптам, між двума залпамі, загрымеў голас Сімурдэна:

— Абложаныя! Навошта нам працягваць гэтае кровепраліцце? Вы пераможаны. Здавайцеся! Падумайце толькі: нас-жа чатыры з паловай тысячы супроць дзевятнаццаці, гэта значыць, больш за дзвесце чалавек супроць аднаго. Здавайцеся!

— Навошта гэтая балбатня? — азваўся Лантэнак.

І дзесяткі са два куль былі адказам на словы Сімурдэна.

Барыкада не даходзіла да столі, што дазваляла абложаным страляць зверху яе і разам з тым давала нападаючым магчымасць на яе ўзабрацца.

— Уперад! На прыступ! — скамандаваў Говэн. — Хто хоча браць «барыкаду?

— Я! — крыкнуў сержант Радуб.

РАДУБ

Але тут нападаючыя вельмі здзівіліся. Калі Радуб увайшоў у пралом на чале сваёй калоны, з ім было пяць чалавек парыжскага батальёна і чатыры з іх ужо выбылі з строю. Пасля таго, як на выклік камандзіра ён крыкнуў: «Я!», усе раптам убачылі, што ён заместа таго, каб кінуцца ўперад, пасунуўся назад, сагнуўся, праціснуўся, бадай што між нагамі нападаючых, да выхаду з пралому і знік. Што гэта? Няўжо ўцёкі? Каб такі чалавек уцёк!.. Што гэта магло значыць?