Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/279

Гэта старонка была вычытаная

зваліцца павялічвалася па меры таго, як павялічвалася адлегласць, якая аддзяляла яго ад зямлі.

Але, нарэшце, ён дабраўся да ніжняга краю байніцы. Ён адсунуў убок вісеўшую частку пакамечаных кратаў і пераканаўся, што яму хопіць месца, каб пралезці. Потым моцным рухам ён прыўзняўся на руках, абапёрся каленам аб карніз пад байніцай, правай рукой ухапіўся за адзін абломак кратаў, левай за другі і, перагнуўшыся ўсім тулавам за край амбразуры, з шабляй у зубах павіс на руках над саракафутовай глыбінёй.

Яму заставалася толькі пераступіць праз амбразуру і саскочыць у пакой. Але раптам з байніцы выглянуў нечы твар. Радуб у поўзмроку ўбачыў перад сабой крывавую маску з раструшчанай сківіцай і выцекшым вокам. Гэтая маска сваім адзіным вокам глядзела на яго.

Але ў маскі знайшліся яшчэ дзве рукі. Абедзве гэтыя рукі нечакана высунуліся з цемнаты і працягнуліся да Радуба: адна быстра выхапіла ў яго з-за пояса пісталеты, другая вырвала шаблю, якую ён трымаў у зубах.

Ён быў абяззброены! Яго калена спаўзала па нахілу карніза, ён ледзь трымаўся на руках, учапіўшыся за абломкі, а пад ім была прорва ў сорак футаў глыбінёй.

Жудасны твар і дзве рукі, што абяззброілі Радуба, належалі Шант-ан-Іверу.

Шант-ан-Івер, душачыся ад дыму, што падымаўся знізу, сяк-так дабраўся да амбразуры байніцы. Свежае паветра ажывіла яго, начны халадок прыпыніў крывацёк з яго ран, і сілы пачалі вяртацца да яго. Раптам знадворку байніцы з'явілася фігура чалавека. Заўважыўшы, што ў гэтага чалавека занятыя абедзве рукі, якімі ён трымаўся за краты, і што ён не можа абараняцца, Шант-ан-Івер спакойна выцягнуў у яго з-за пояса пісталеты і вырваў шаблю з яго сціснутых зубоў.