Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/28

Гэта старонка была вычытаная

— Калі няма пявучага дразда… не, не дразда, а арла, можна задаволіцца і крумкачом.

— Я хацеў-бы лепш каршуна, — сказаў Буабертло.

— Вядома, усё-ж кіпці і дзюба, — згадзіўся Ла-В'ёвіль.

— Ну, паглядзім, што будзе.

— Так, — зноў пачаў Ла-В'ёвіль, памаўчаўшы, — час падумаць аб правадыры. Я падзяляю думку Тентен'яка: «Пораху і правадыра!» Я вам вось што скажу, капітан. Я ведаю бадай усіх мяркуемых правадыроў. Ведаю і ўчарашніх, і сёнешніх, і тых, што з'явяцца заўтра. Але ніводнага з іх я не лічу той разумнай галавой, якая нам цяпер патрэбна. Для гэтай праклятай Вандэі патрэбны такі генерал, які быў-бы ў той час назолай. Тут трэба не даваць спакою ворагу, цягацца за кожны млын, кожны куст, кожны раўчак, кожны камень. Трэба задзіраць яго на кожным кроку, умець скарыстаць кожную яго хібу, нічога не прапускаць міма вачэй, біць направа і налева, палохаць смелымі нападамі, не адчуваць літасці, не ведаць ні адпачынку, ні сну. Цяпер у гэтай мужыцкай арміі ёсць героі, але няма правадыроў. І чаго гэта мы, чорт вазьмі, нападаем на рэволюцыю і якая розніца паміж рэспубліканцамі і намі, калі мы самі ставім цырульнікаў начальнікамі над дваранамі?

— Нічога не зробіш! Гэтая рэволюцыя псуе і нас.

— Скула на целе Францыі.

— Скула трэцяга стана, — скончыў Буабертло. — Адна толькі Англія можа нас вылечыць.

— І вылечыць. Будзьце ўпэўнены ў гэтым, капітан.

— А пакуль — брыдка і моташна!

— Ну, але! Усюды мужыччо. Якія дзіўныя параўнанні мы бачым у гэтай вандэйскай вайне! З аднаго боку півавар Сантэр, з другога — цырульнік Гастон.