Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/280

Гэта старонка была вычытаная

Пачаўся нечуваны паядынак паміж бяззбройным і паміраючым.

Здавалася, паміраючы павінен быў перамагчы. Досыць было адной трапнай кулі, каб скінуць Радуба ў прорву, што была пад ім. Але, на яго шчасце, Шант-ан-Івер не мог страляць, трымаючы пісталеты ў адной руцэ, і вымушаны быў пусціць у ход шаблю. Ён ударыў Радуба шабляй у плячо. Ён параніў яго і гэтым выратаваў.

Абяззброены, але захаваўшы ўсе свае сілы, Радуб нават не адчуў раны (ды шабля і не закранула косці). Ён рынуўся наперад, выпусціў з рук краты і ўскочыў у амбразуру. Тут ён апынуўся тварам у твар з Шант- ан-Іверам, які тым часам паспеў адкінуць шаблю і цяпер трымаў па пісталету ў кожнай руцэ. Стоячы на каленях, ён нацэліўся ў Радуба, але аслаблая рука яго дрыжала, і ён не мог спусціць курок.

Радуб зарагатаў.

— Ах, ты, паскудная морда! — закрычаў ён. — Ты, здаецца, падумаў, што я спалохаюся, убачыўшы сырую катлету заместа твара?

А Шант-ан-Івер усё цэліўся ў яго.

— І здорава-ж апрацавалі цябе нашы кулі, небарака! — казаў Радуб. — Ну, страляй, галубок, пацеш сваю душу!

Грымнуў стрэл. Куля праляцела ля самай галавы Радуба і адарвала яму палову вуха. Шант-ан-Івер падняў другі пісталет, але Радуб не даў яму і нацэліцца.

— Годзе ўжо! — крыкнуў ён. — Я не хачу, каб ты адстрэліў мне і другое вуха. Ты і так ужо два разы раніў мяне. Цяпер мой чарод.

Ён кінуўся на Шант-ан-Івера, штурхануў яго пад локаць, так што пісталет стрэліў уверх, і схапіў яго рукой за пабітую сківіцу. Шант-ан-Івер завыў ад