Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/282

Гэта старонка была вычытаная

дамі і, здавалася, толькі чакаўшай рук, якія ўзяліся-б за яе. Абложаныя падрыхтавалі яе для другой фазы штурму.

— Ды тут сапраўдны скарб! — усклікнуў Радуб.

З добрадушнага дзяцюка, ён адразу, ператварыўся ў грознага воіна.

Дзверы на лесніцу, якая вяла і на ніжні і на верхні паверх, былі адчынены насцеж. Радуб узяў у кожную руку па дубальтоваму пісталету і, наставіўшы іх уніз на лесніцу, стрэліў наўздагад з абодвух разам; потым схапіў карабін і стрэліў з яго; потым пачаў страляць з мушкета, зараджанага буйным шротам. Выпушчаныя з мушкета пятнаццаць маленькіх кулек зрабілі ўражанне карцечы. Пасля гэтага Радуб закрычаў грамавым голасам:

— Хай жыве Парыж!

Потым, схапіўшы другі мушкет, ён накіраваў яго дулам на лесніцу і стаў чакаць.

Невыказны перапалох падняўся ў ніжнім зале. Такая нечаканасць заўсёды прыносіць расстройства ў шэрагі байцоў.

Дзве кулі з трох стрэлаў Радуба не прапалі дарма: адною быў забіты старэйшы з двух братоў Пік-ан-Буа, другою — дэ-Келэн, вядомы ў мяцежнікаў пад мянушкай Гусара.

— Яны наверсе! — крыкнуў маркіз.

Гэты выкрык вырашыў справу. Барыкада адразу апусцела: яе абаронцы, як чарада спуджаных птушак, кінуліся да лесніцы. Маркіз падбадзёрваў іх:

— Хутчэй, хутчэй! — крычаў ён. — Цяпер уся адвага ў тым, каб не трапіць ім у рукі. Бяжыце на трэці паверх: там мы іх сустрэнем.

Ён пакінуў барыкаду апошнім, і гэта яго выратавала.