Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/283

Гэта старонка была вычытаная

Радуб стаяў на другім паверсе над лесніцай і трымаў напагатове мушкет са ўзнятым курком. Першыя два ці тры чалавекі, якія паказаліся на завароце лесніцы, атрымалі ў грудзі поўны зарад і ўпалі забітыя насмерць. Каб маркіз быў між іх, ён быў-бы забіты. Усе-ж астатнія, перш чым Радуб паспеў узяць новую зброю, прабеглі міма. Маркіз знік апошнім. Яны былі ўпэўнены, што другі паверх заняты ворагам, таму пабеглі не спыняючыся, прама на трэці паверх, у люстраны пакой, той пакой, дзе былі жалезныя дзверы, дзе ляжаў канец гаручага кнота і дзе ім заставалася толькі або здацца, або памерці.

Говэн, не менш за абложаных здзіўлены стрэламі з лесніцы, не ведаючы, адкуль з'явілася гэтая нечаканая дапамога, ды і не ламаючы галавы над гэтым пытаннем, зараз-жа скарыстаў гэты перапалох. Ён, а за ім і яго людзі пераскочылі цераз барыкаду і бадай на плячах ворага ўварваліся на другі паверх. Тут яны наткнуліся на Радуба. Радуб аддаў чэсць камандзіру і сказаў:

— Дазвольце далажыць вам, камандзір, што гэта я тут страляў. Я ўспомніў, як вы распарадзіліся пад Долем, і зрабіў тое самае, што вы — зайшоў ворагу ў тыл.

— Добры вучань, — сказаў Говэн са смехам.

Ён заўважыў, што Радуб увесь у крыві.

— Ды ты ранены, таварыш!

— Не звяртайце на гэта ўвагі, камандзір. Адным вухам больш або менш — ці не ўсёроўна? Яшчэ я ранены шабляй, але і гэта мне нічога. Лес сякуць — трэскі ляцяць. Ды, апрача таго, на мне не толькі мая кроў.

У зале другога паверха, заваяванага Радубам, зрабілі прыпынак. Прынеслі ліхтар. Падышоў Сімурдэн,