Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/284

Гэта старонка была вычытаная

пачалася нарада. Нападаючыя не ведалі становішча ворага, не ведалі, што ў іх амаль не засталося зарадаў і пораху. Трэці паверх быў іх апошняй апорай, і можна было думаць, што пад лесніцу закладзена міна. Бясспрэчна было адно: абложаныя не маглі ўцячы. Тыя, хто яшчэ заставаўся жывым, сядзелі нібы пад замком. Лантэнак трапіў у пастку.

Маючы такую ўпэўненасць, можна было не спяшацца, даць сабе час падумаць і знайсці найлепшы выхад з данага становішча. Штурмуючая калона і так ужо страціла забітымі вельмі многа людзей. Трэба было ўсімі спосабамі пастарацца, каб як найменей страціць людзей у апошні момант. Апошні прыступ быў вельмі рызыкоўны. Можна было загадзя сказаць, што атакуючых сустрэнуць гарачай пальбой.

Такім чынам, бой быў прыпынены. Авалодаўшы ніжнім і другім паверхамі вежы, нападаючыя чакалі толькі каманды, каб зноў пачаць атаку. Говэн і Сімурдэн усё яшчэ раіліся. Радуб моўчкі прысутнічаў на гэтай нарадзе. Прылажыўшы руку да шапкі, ён, нарэшце, нясмела звярнуўся да Говэна:

— Камандзір…

— У чым справа, Радуб?

— Ці заслужыў я ўзнагароду?

— Вядома. Прасі, што хочаш.

— Дазвольце мне першаму падняцца наверх.

Адмовіць яму было немажліва. Ды ён абышоўся-б і без дазволу.

БЕЗНАДЗЕЙНЫЯ

У той час як на другім паверсе раіліся, на трэцім спешна будавалі барыкаду. Два паверхі вежы павінны былі схапіцца ў апошняй барацьбе. Унізе была надзея. Наверсе — роспач.