Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/285

Гэта старонка была вычытаная

Як толькі абложаныя дабраліся да сваёй апошняй заслоны, за якой для іх канчалася ўсё, першай іхняй справай было загарадзіць уваход.

Зачыняць дзверы не варта было; лепш было заваліць чым-небудзь лесніцу. У падобных выпадках перашкода, праз якую можна бачыць і страляць, куды лепш, як замкнёныя дзверы.

Пакой асвятляўся факелам, які запаліў Іманус і каля якога ён палажыў канец серкавага кнота. У куце стаяў вялізны і важкі дубовы куфар: у такіх куфрах трымалі плацце і бялізну, пакуль не вынайшлі камодаў і шуфлядаў. Ім і загарадзілі выхад на лесніцу, паставіўшы яго старчма. Ён падышоў акурат да шырыні дзверы і шчыльна закрыў уваход. Толькі ўверсе засталася невялікая адтуліна, праз якую мог прайсці толькі адзін чалавек і гэта было вельмі зручна, бо давала магчымасць выбіваць нападаючых па адным па меры таго, як яны будуць сюды пралазіць. Наўрад ці пайшоў-бы вораг на такую рызыку.

Такім чынам, выхад быў забарыкадаваны: гэта была адтэрміноўка. Абложаныя пачалі падлічваць свае сілы.

З дзевятнаццаці чалавек іх засталося ўсяго сем, у тым ліку Іманус. Апрача яго і маркіза астатнія пяць былі раненыя. Рэшта былі забітыя.

Порах у іх увесь вышаў, патранташы былі пустыя. Яны пералічылі патроны: на семярых прыпадала ўсяго чатыры стрэлы. Ім заставалася толькі памерці. Яны былі прыціснутыя да прамой скалы, якая вісела над бяздоннем. Здавалася немагчымым не зваліцца. Між тым атака пачалася зноў; яе вялі асцярожна, дзейнічалі напэўна. Чутна было, як нападаючыя, падымаючыся па лесніцы, мацалі прыкладамі ступеньку за ступенькай.