Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/287

Гэта старонка была вычытаная

ВЫРАТОЎЦА

— Гэта ты, Гальмало? — усклікнуў маркіз.

— Я, мансен'ёр. Вы бачыце цяпер, што рухомыя камлі існуюць і што ў гэтым пакоі ёсць патаемны ход. Дзякуй богу, я не спазніўся, але спяшайцеся. Праз дзесяць мінут вы будзеце вольнымі, у лесе…

— Ратуйцеся, мансен'ёр! — закрычалі ўсе ў адзін голас.

— Я выйду апошнім, — сказаў маркіз і дадаў строгім голасам: — Нам няма калі займацца далікатнасцямі! Вы — раненыя. Я вам загадваю ўцякаць і жыць. Хутчэй! Карыстайцеся выпадкам. Дзякуй, Гальмало!

— Вы нам вызначыце месца для зборнага пункта, мансен'ёр?

— Так. На паляне ў лесе, ля камня Говэнаў. Вы ведаеце гэтае месца?

— Ведаем.

— Заўтра апоўдні я буду там. Прыходзьце ўсе, хто можа хадзіць.

— Прыдзем.

— І зноў распачнем вайну.

Між тым Гальмало, націснуўшы на камень, каб паспрабаваць наколькі лёгка будзе паставіць яго на месца, убачыў, што камень больш не паварочваецца.

— Мансенёр, паспяшайцеся, — сказаў ён. — Камень не паддаецца, я не магу яго скрануць. Мне ўдалося адчыніць праход, але я не магу яго зачыніць.

Сапраўды, камень ад доўгага бяздзеяння нібы прымёрз да шарніра; не было ніякай мажлівасці яго павярнуць.

— Я спадзяваўся, мансен'ёр, — сказаў Гальмало, — зачыніць за вамі ўваход. Тады сінія не знайшлі-б нікога і нічога не зразумелі-б; вы зніклі-б, нібы дым. Але