Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/288

Гэта старонка была вычытаная

вось пракляты камень занаравіўся. Цяпер вораг убачыць адчынены патаемны ход і можа пагнацца. Нельга марудзіць ні мінуты. Ідзіце хутчэй!

Іманус палажыў руку на плячо Гальмало.

— Таварыш, колькі трэба часу, каб выйсці ў лес гэтым ходам?

— Чвэрць гадзіны.

— Значыцца, — сказаў Іманус, — калі вораг уварвецца сюды праз чвэрць гадзіны, то…

— То яму нас не дагнаць.

— Але ў нас няма і чвэрці гадзіны ў запасе, — сказаў маркіз.

— Праз пяць мінут яны будуць тут. Гэты стары куфар нядоўга пратрымаецца: ад некалькіх удараў прыкладамі ён разляціцца ў трэскі. Чвэрць гадзіны! Ды хто-ж іх затрымае на чвэрць гадзіны?

— Я! сказаў Іманус.

— Ты?

— Так, я, мансен'ёр. Слухайце. З нас шасцярых пяцёра раненыя. У мяне-ж няма ніводнай драпіны.

— І ў мяне таксама, — сказаў маркіз.

— Вы — начальнік, мансен'ёр, а я — просты салдат. Гэта розніца. Я бяруся затрымаць ворага прынамсі на поўгадзіны. Колькі ў вас зараджаных пісталетаў?

— Чатыры.

— Лажыце іх на падлогу, вунь сюды.

Усе паслухаліся яго.

— Добра. Я застаюся. Ім будзе з кім павалаводзіцца. А цяпер ідзіце хутчэй!

— Да хуткага пабачэння, — сказаў Іманусу маркіз.

— Не, мансен'ёр. Адсюль мне жывым не выйсці.

Усе адзін за адным пачалі спускацца па вузкай лесніцы; раненых прапусцілі наперад. Пакуль пярэднія спускаліся, маркіз выняў аловак з свайго блакнота