Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/29

Гэта старонка была вычытаная

— Ну, не, даражэнькі Ла-В'ёвіль, я трохі інакш гляджу на гэтага Гастона. Успомніце, як проста і люба расстраляў ён трыста чалавек сініх, прымусіўшы іх спачатку выкапаць сабе яму.

— Усё гэта вельмі добра, але я зрабіў-бы тое самае не горш за яго.

— Вядома. І я таксама.

— Вялікія ваенныя геройствы патрабуюць прыроджанага шляхецтва ад тых, хто іх робіць, — сказаў Ла-В'ёвіль. — Вайна — справа рыцараў, а не цырульнікаў.

— Сустракаюцца, аднак, у гэтым трэцім стане і паважаныя людзі, — адказаў Буабертло. — Возьмем для прыкладу хоць майстра гадзіннікаў Жолі. Былы сержант Фландрскага палка, ён робіцца адным з правадыроў вандэйцаў. Ён камандуе атрадам у берагавой арміі. У яго ёсць сын. Сын гэты — рэспубліканец. І вось бацька б'ецца ў шэрагах белых, а сын — у шэрагах сініх. У часе бойкі бацька і сын сустракаюцца твар у твар. Бацька бярэ ў палон сына і тут-жа забівае яго з пісталета.

— Што добра, то добра, — сказаў Ла-В'ёвіль.

Яны прайшлі некалькі крокаў, думаючы кожны пра сваё. Потым гутарка зноў пачалася.

— Капітан, ці не ведаеце вы, што за апошні час ставяць у Парыжы?

— «Адэль і Паліну» і «Пячору».

— Хацелася-б паглядзець.

— Убачыце.

Ён падумаў крыху і дадаў:

— Праз месяц мы будзем у Парыжы.

— У такім разе, капітан, нашы справы не такія ўжо дрэнныя?

— Яны былі-б зусім добрыя, каб удалося знайсці сапраўдных кіраўнікоў для брэтонскай вайны.