Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/291

Гэта старонка была вычытаная

наўздагад у натоўп салдат на лесніцы. Мабыць куля зрабіла рыкашэт, бо пачулася некалькі крыкаў, як быццам былі паранены тры ці чатыры чалавекі. Затым на лесніцы пачулася страшэнная мітусня і тупат уцякаючых ног.

Іманус адкінуў убок разраджаныя пісталеты, узяў два другія і, трымаючы іх напагатове ў абодвух руках, зірнуў у шчыліну.

Непрыяцель ачысціў лесніцу. Зверху былі відаць тры ці чатыры першыя ступенькі да завароту, і на іх ляжалі толькі раненыя, якія курчыліся ў прадсмяротных сударгах. Іманус пачаў чакаць. «А час усё-ж такі выйграны», думаў ён. Раптам ён убачыў, што па ступеньках паўзе чалавек, а крыху ніжэй з-за павароту высоўваецца чыясьці галава. Ён прыцэліўся ў гэтую галаву і стрэліў. Хтосьці ўскрыкнуў і пакаціўся ўніз. Іманус пералажыў з левай рукі ў правую свой апошні зараджаны пісталет, рыхтуючыся стрэліць у паўзучага чалавека. Але ў тую-ж секунду ён адчуў пякучы боль у жываце і ў сваю чаргу дзіка зароў. У яго быў распораты жывот. Нечы кулак са сціснутай у ім шабляй — кулак таго самага чалавека, што поўз па лесніцы — прасунуўся ў другую дзіру ў крышцы куфара і ўсадзіў у жывот Іманусу шаблю.

Рана была жудасная: з жывата вывальваліся кішкі.

Іманус не зваліўся. Ён толькі заскрыгатаў зубамі і прамармытаў: «Ну, добра-ж!» Потым, хістаючыся, давалокся да факела, што гарэў каля жалезных дзвярэй, палажыў на падлогу пісталет, зняў са сцяны факел і, прытрымліваючы левай рукой свае вылазячыя ўнутранасці, правай падпаліў насычаны серкай кнот.

Кнот загарэўся. Тады Іманус выпусціў факел, які далей ужо гарэў на падлозе, і зноў ухапіўся за піста-