Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/292

Гэта старонка была вычытаная

лет. Але ён ужо не мог стаяць. Ён апусціўся на падлогу, і, прыўзняўшыся на локці, пачаў з усёй сваёй моцы раздзьмухваць кнот.

Полымя пабегла па кноце, прайшло пад жалезныя дзверы і дабралася да замка на мосце.

Тады пераканаўшыся, што яго подлы намер удаўся і адчуваючы ад гэтага злачынства нават большае задавальненне, чым ад зробленага перад тым вялікадушша, гэты чалавек, які толькі што паказаў сябе героем, а цяпер ператварыўся ў простага забойцу, гэты паміраючы ўсміхнуўся.

— Будуць яны мяне памятаць! — прашаптаў ён. — Я адпомсціў на іхніх дзецях за маленькага караля.

ІМАНУС ТАКСАМА ВЫХОДЗІЦЬ

У гэтую мінуту пачуўся страшэнны грукат: куфар перакуліўся пад націскам з таго боку і ў пакой уварваўся чалавек з шабляй у руцэ.

— Гэта я, Радуб! Хто супроць мяне — выходзь! Мне абрыдла чакаць. Двух смярцей не будзе. Ці ідуць за мной мае таварышы ці не, мне ўсёроўна. Я і адзін вас не баюся. Камусьці я ўжо распароў бруха. Цяпер я ўсіх вас выклікаю на бой. Колькі вас тут?

І сапраўды гэта быў Радуб. Ён быў адзін. Пасля бойні, якую Іманус зрабіў на лесніцы, Говэн, чакаючы якой-небудзь новай пасткі, паклікаў сваіх людзей назад і пачаў зноў раіцца з Сімурдэнам.

Радуб, стоячы з голай шабляй на парозе, упоцемку, бо факел гас і амаль не даваў святла, паўтарыў:

— Колькі вас тут? Выходзь!

Не атрымаўшы адказу, ён ступіў у пакой. У гэты момант факел, перад тым як згаснуць, загарэўся яркім агнём і асвятліў ўвесь пакой.