Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/293

Гэта старонка была вычытаная

Радубу кінулася ў вочы акно з маленькіх люстэрак, якімі былі пакрыты сцены. Ён падышоў да яго, зірнуў на свой скрываўлены твар з адстрэленым вухам і буркнуў:

— Але-ж здорава яны мяне аздобілі!

І тут толькі ён агледзеўся навакол і вельмі здзівіўся, убачыўшы, што пакой пусты.

— Ды тут нікога няма! — усклікнуў ён.

Раптам ён убачыў шчыліну ў сцяне і патаемную лесніцу.

— А, разумею! Уцяклі… Таварышы, сюды! Ідзіце ўсе! Іх няма! Яны ўцяклі! У гэтай праклятай старай вежы зроблены дзіры ў сценах. Я знайшоў дзіру, у якую яны шмыгнулі… Во на якія штукі пускаюцца, нягоднікі! Усе паўцякалі!..

Раптам грымнуў пісталетны стрэл. Куля зачапіла локаць Радуба і ўдарылася ў сценку.

— Эге! Ды тут нехта ёсць! Цікава ведаць, хто зрабіў мне такую ласку?

— Я! — адгукнуўся нечы голас.

Радуб выцягнуў галаву і разгледзеў у цемры на падлозе тое, што было раней Іманусам.

— Папаўся! — закрычаў ён. — Усе ўцяклі, але табе гэта не ўдасца.

— Ты думаеш? — сказаў Іманус.

Радуб ступіў да яго.

— Эй, ты, ляжачы, хто ты такі?

— Я хоць і ляжачы, а плюю на тых, што стаяць на нагах.

— Што гэта ў цябе ў правай руцэ?

— Пісталет.

— А ў левай?

— Мае кішкі.

— Я бяру цябе ў палон.