Старонка:Дзевяноста трэці.pdf/294

Гэта старонка была вычытаная

— Паспрабуй.

І, схіліўшыся над запаленым кнотам, Іманус дыхнуў на яго сваім апошнім дыханнем і памёр.

Праз некалькі мінут Говэн і ўсе іншыя ўвайшлі ў зал. Яны ўбачылі адчынены ход у сцяне, перашукалі зверху данізу, агледзелі патаемную лесніцу: яна вывадзіла ў яр. Не заставалася ніякіх сумненняў: абложаныя ўцяклі праз гэты ход. Агледзелі Імануса: ён быў мёртвы. Говэн з ліхтаром у руцэ падышоў да павернутага камня. Ён і раней чуў расказы пра гэты камень, але, як і ўсе, лічыў іх проста байкай. Разглядаючы камень, ён заўважыў, што на ім нешта напісана алоўкам. Ён паднёс ліхтар да гэтага надпісу і прачытаў:

«Да пабачэння, пан віконт.
Лантэнак».

Да Говэна падышоў Гешан. Усякае праследаванне было ўжо бескарыснае. З моманту ўцёкаў прайшло шмат часу, і ўцекачы былі ўжо далёка. Дагнаць іх не было ніякай мажлівасці: на іх баку былі кусты, яры, пушчы лесу, усё насельніцтва. Фужэрскі лес быў суцэльнай пасткай… Што было рабіць? Прыходзілася пачынаць усё спачатку. Говэн і Гешан выказвалі сваю прыкрасць і абгаварвалі далейшыя планы. Сімурдэн хмура слухаў, не кажучы ні слова.

— Дарэчы, Гешан, дзе выратоўчая лесніца? — спытаў Говэн.

— Лесніцу не прывезлі, камандзір.

— Як-жа-ж так? Мы бачылі павозку пад канвоем.

— На ёй прывезлі не лесніцу.

— А што-ж?

— Гільятыну,- сказаў Сімурдэн.